Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй віншуе з Божым Нараджэннем і Новым 2026-м годам.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй віншуе з Божым Нараджэннем і Новым 2026-м годам.

Біскуп Гродзенскай епархіі звярнуўся да вернікаў і пажадаў ім радасных свят Божага Нараджэння, Божага міру ў сэрцах, домах і парафіях, а таксама добрага здаровя, шчасця і поспехаў у новым 2026 годзе.

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры! Дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!

У святы Божага Нараджэння мы з глыбіні сэрцаў узносім Нябеснаму Айцу гімн радасці, удзячнасці і праслаўлення. Злучаючы свае галасы з хорамі анёльскіх войскаў, спяваем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14).

Урачыста адзначаючы прыйсце Божага Сына ў свет, мы праслаўляем неспасціжны цуд Божай любові: такой вялікай, бязмежнай і безумоўнай любоўю Бог палюбіў кожнага чалавека, што ў Асобе Езуса Хрыста стаў Эмануэлем – Богам з намі – і пасяліўся сярод людзей. Ён увайшоў у штодзённасць нашага жыцця, каб былі ўпэўнены, што ў кожнай сітуацыі, у кожным досведзе, з якімі можам сутыкнуцца, Пан Езус з намі, ніколі не пакіне, заўсёды ёсць і будзе на нашым баку.

Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што ён любімы – прычым любімы самім Богам? Ці існуе якаясьці сіла, якая магла б яго аддзяліць ад бясконцай Божай любові? Чым больш мы адкрываем сэрцы на гэтую любоў, чым больш дазваляем ёй даваць належны кірунак сваім думкам, словам і ўчынкам, тым больш адчуваем у сабе бласлаўленне міру.

Ваш біскуп Уладзімір

 Поўнае відэавіншаванне можна паглядзець на  YouTube канале.

Top